Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

“Беларускія народныя казкі ў дзіцячым садзе”

Дата: 6 декабря 2017 в 10:54, Обновлено 18 января 2021 в 16:08
Автор: Шух Е. А.

Кансультацыя

Беларускія народныя казкі ў дзіцячым садзе

Дашкольнае дзяцінства — залатая пара ў жыцці кожнага чалавека і, разам з тым, вялікі і адказны перыяд псіхічнага і інтэлектуальнага развіцця асобы. Менавіта ў гэтым узросце найбольш інтэнсіўна развіваюцца ўсе псіхічныя функцыі, фарміруецца здольнасць да складаных відаў дзейнасці, закладваецца агульны фундамент пазнавальных здольнасцей.

Гэта самы спрыяльны час для выяўлення і развіцця патэнцыяльных задаткаў у дзіцяці, закладзеных прыродай.

Калі мы зразумеем, што з'яўляецца асабліва важным для фарміравання здольнасцей дзіцяці, яго пачуццяў, умення думаць, то здолеем дапамагчы яму ўвайсці ў свет творчасці, фантазіі, уяўленняў, даць магчымасць для найбольш поўнага развіцця дзіцяці.

Адным з важных шляхоў творчага пазнання рэчаіснасці з'яўляецца казка. Народныя казкі — найбагацейшы скарб, у іх увасоблены мудрасць, мастацкі талент народа, глыбокі роздум чалавека над жыццём, яго вопыт, назіранні за навакольнымі з'явамі. Казка ўзнаўляе даўно забыты час і падзеі, страчаныя ў памяці народа, своеасаблівы каларыт часу і жыцця. Менавіта праз казку дзеці дакранаюцца да жыцця, культуры, быту нашых продкаў.

Казка дае маленькаму чалавеку ўрокі патрыятызму і маралі. Усім сваім паэтычным ладам яна вучыць разумець народнае ўяўленне пра добрае і злое, высокае і нізкае, сумленнае і агіднае, гуманнае і жорсткае. Яна садзейнічае развіццю эстэтычных пачуццяў, без якіх немагчыма высакароднасць душы, суперажыванне, сардэчная чуласць да чалавечага гора, пакут. Яна ўмацоўвае ў дзяцей жыццялюбства, аптымізм, вучыць іх марыць, развівае ўяўленне, будзіць творчыя здольнасці. Дзякуючы казцы дзеці пазнаюць свет не толькі розумам, але і сэрцам.

Патрабуецца інтэнсіўная душэўная праца дзіцяці, каб здолець пайсці за ўяўленнямі казачніка, развіваючы і фарміруючы свет уласных уяўленняў, пашыраючы свае веды аб навакольным асяроддзі. I калі мы расказваем дзецям казкі, важна не проста вучыць іх сачыць за ланцужком падзей, за сюжэтам, але і ствараць умовы для развіцця такіх пазнавальных працэсаў, як успрыманне, памяць, мысленне, мова, уяўленне. Менавіта эмацыянальнасць і здольнасць да пераймання, атаясамліванне сябе з казачнымі героямі робяць дзяцей даверлівымі, «даступнымі» для педагагічнага ўздзеяння.

Метадычныя парады па арганізацыі работы з беларускай народнай казкай

Этапы знаёмства з казкай дзяцей ранняга ўзросту

   I этап — казка расказваецца на памяць выхавальнікам індывідуальна ці  падгрупе дзяцей. Асноўнае патрабаванне да расказчыка — эмацыянальнасць і зацікаўленасць выказвання.

    II       этап — падрыхтоўчы. Тут выкарыстоўваюцца разнастайныя віды гульняў, практыкаванні, заданні, літаратурны і песенны матэрыял. Іншымі словамі, дзіця падрыхтоўваюць да ўспрымання казкі. Работа на гэтым этапе ажыццяўляецца ва ўсіх відах дзейнасці. Педагог павінен ведаць, што развіццё дзіцяці праводзіцца і ў працэсе гульні, заняткаў, ў бытавой дзейнасці, на прагулцы, у працэсе зносін і ў сумеснай дзейнасці з дарослымі.

     III    этап — правядзенне сюжэтна-тэматычнага занятку на аснове беларускай казкі. Занятак з дзецьмі малодшай групы  праводзіцца па чарзе ў дзвюх падгрупах па 6—8 дзяцей. Гэта дазваляе выхавальніку лепш бачыць кожнае дзіця, аказваць яму неабходную ўвагу, развіваць яго актыўнасць.

Падгрупы для гульні-занятку павінны камплектавацца з улікам узроўню псіхафізічнага развіцця дзяцей. За кожнай падгрупай замацоўваецца час: пачатак і канец занятку.

Праводзіцца занятак у групавым пакоі, на дыване або за сталамі. Аптымальным з'яўляецца размяшчэнне дзяцей па крузе, што дазва­ляе ўсім добра бачыць і чуць адзін аднаго.

У першай частцы занятку даюцца практыкаванні, гульні, заданні на абуджэнне інтарэсу да пазнання новага, канцэнтрацыю ўвагі.

Выкарыстоўваюцца цацкі, прадметы, абсталяванне ў адпаведнасці са зместам казкі, ствараюцца ўмовы для дзейнасці розных аналізатараў.

Асноўная частка занятку ўключае непасрэдную работу над казкай. Пры расказванні абавязковымі элементамі павінны быць наглядныя падмацаванні зместу, таму што ў гэтым узросце дзеці асвойваюць навакольны свет наглядна-дзейсным шляхам пры дапамозе разглядвання, абмацвання, прыслухоўвання да гукаў і г. д.

У заключнай частцы занятку падводзяцца вынікі. Задаюцца пытанні без папярэдняга напамінання дзецям аб падзеі, падказваючай адказ. Да казкі можа быць пастаўлена ад двух да пяці пытанняў. Занятак важна закончыць так, каб дзеці чакалі наступную сустрэчу з казкай.

У рабоце з дзецьмі сярэдняй групы  важна змяніць характар пазнавальнай дзейнасці. Дзіцяці неабходна дапамагчы арганізаваць сваю ўвагу, усвядоміць і прыняць задачу, запомніць, упарадкаваць, сістэматызаваць назапашаныя веды і ўяўленні.

Выхавальнік павінен прадугледзець віды дзейнасці, неабходныя для развіцця самастойнай маўленчай дзейнасці. Для гэтага могуць быць выкарыстаны розныя варыянты: праслухоўванне запісаў, інсцэніроўка ўрыўкаў, гульні-драматызацыі, разглядванне карцінак і ілюстрацый да казак, арганізацыя гульняў па матывах казак.

Дзецям, якія лёгка і хутка засвойваюць матэрыял, неабходна прапанаваць больш складаную работу або даць дадатковыя заданні. А дзяцей, якія павольна засвойваюць матэрыял, не ўпэўнены ў сваіх сілах, патрэбна маральна падтрымаць, пахваліць у прысутнасці іншых дзяцей, адзначыць іх поспехі, нават калі яны нязначныя.

У рабоце з дзецьмі старэйшай групы  значна ўскладняецца змест працы па знаёмству дзяцей з беларускай казкай, таму што з пашырэннем аб'ёму ведаў мяняецца і характар разумовай дзейнасці дзяцей гэтага ўзросту.

Рэкамендуецца праводзіць спецыяльныя гутаркі аб раней прачытаных (расказаных) казках, у час якіх задаюцца пытанні, прапануецца прыгадаць рэплікі герояў казкі, іх учынкі, адносіны да небяспекі, смешныя месцы і г. д. Вельмі важна даваць большую самастойнасць дзецям як у выбары гульні, так і ў творчым рашэнні яе задач: уласныя арыгінальныя смелыя рашэнні, жаданне вольна выражаць свае адносіны да навакольнага. Уяўленні дашкольнікаў павінны быць накіраваны на пошук і стварэнне новага, тым самым дзеці абараняюць сваю індывідуальнасць.

 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.