Купалле
Купалле, Іван Купала, Янаў дзень — так завецца адно з прыгажэйшых летніх народных свят, якое адбываецца з 6 на 7 ліпеня. Свята гэта вельмі старажытнае, праводзілася ў гонар летняга сонцастаяння, росквіту ўсяго расліннага свету і было папулярным у мінулым ва ўсіх еўрапейскіх народаў. 3 прыняццем хрысціянства свята стала называцца яшчэ Янаў дзень у гонар Іаана Хрысціцеля. Так спалучыліся язычніцтва і хрысціянства нават у назве, і атрымаўся Іван Купала.
На Беларусі купальскія абрады вядомы здаўна. Важнейшым момантам абраду было запальванне вогнішча. Лічылася, што такі агонь сімвалічна падтрымлівае моц Сонца. Купалле цесна звязана і з вадою — на ранішняй зары ў гэты дзень прынята купацца ў вадзе, у расе. Такім купанням прыпісваецца гаючая сіла. Звычайна напярэданні Купалля моладзь у вёсцы выбірала распарадчыка і пад вечар усе збіраліся на яго двары, зносілі туды ўсялякую старызну, рабілі зборны воз і вывозілі сабраны хлам на поле, на бераг рэчкі ці на высокае месца, дзе звальвалі ў кучу і пакідалі да ночы. Позна вечарам ішлі на ігрышчы, рвалі палын, падпярэзваліся ім, каб засцерагчыся ад уздзеяння чараўнікоў, бо яны, на думку простых сялян, у купальскую ноч рабілі вельмі многа шкоды. Потым запальвалася вогнішча, усе ўладкоўваліся вакол яго, частаваліся, спявалі цудоўныя купальскія песні. Дзяўчат, што ўдзельнічалі ў свяце, называлі купалкамі, купалінкамі. Калі полымя добра разгаралася, пачыналіся скокі праз агонь.
З купаллем звязана шмат павер'яў, прыкмет, гаданняў. Верылі, што купальская ноч поўная цудаў: расцвітае папараць-кветка, дрэвы могуць рухацца, размаўляць. Дзяўчаты на Купалле плялі вянкі, пускалі іх на ваду і загадвалі пра сваю будучыню, пра замужжа...
Народныя прыкметы на Купалле:
- На Івана ноч адарвана.
- На Купала што зробяць — усё адарвана.
- На Купалу раса — будуць агуркі.
- Часамі Ян дасць ягад збан.
- Святы Ян пчол садзіць.
- Авёс да Яна хварэе, а пасля Яна шалее.
- Калі не выліняў конь (карова) да Яна, то няхай ідзе да другога пана.
- На Купала чэрці ў вадзе купаюцца.
- На Яна не выганяй карову рана.