“Народныя святы і абрады”
(матэрыял для выхавальнікаў і бацькоў)
Каляды
Першае каляндарнае народнае зімовае свята — Каляды (Ражство). Свята гэта вельмі старажытнае, прыйшло з той далёкай пары, калі нашы продкі былі яшчэ язычнікамі. Усе магічныя дзеянні, абрады, песні, што выконваліся ў час Каляд, павінны былі дапамагаць чалавеку ў працы, засцерагаць яго і сям'ю ад нягод і хвароб, аберагаць гаспадарку. 3 прыняццем хрысціянства Каляды супалі са святам Ражство — нараджэннем Ісуса Хрыста. Да Каляд быў доўгі пост, у які не дазваляецца есці мясныя стравы, весяліцца, спяваць песні, а з надыходам Каляд прыходзіла і сапраўднае свята. Да свята рыхтаваліся загадзя: забівалі кабана, рабілі каўбасы; старанна прыбіралі хату.
На Каляды спраўлялася Куцця — так звалася святочная вячэра. На ёй неад'емнай стравай была каша — куцця, якая варылася з цэльных круп, ячных ці пшанічных. Усяго ж на працягу Каляд было тры Куцці. Першая спраўлялася перад Калядамі і называлася вялікай. На яе падаваліся толькі посныя стравы — гарачы квас, які варыўся на расоле з рыбай або грыбамі, аўсяны кісель.
Другую Куццю святкавалі перад самым Новым годам. Яна была скаромнай, мясной, таму яе і звалі шчодрай, багатай. На гэтую Куццю быў звычай варажыць, гадаць. I трэцяя Куцця спраўлялася ў самым канцы Каляд, перад Вадохрышчам. Была яна поснай. Свяцонай вадой гаспадары акраплялі хату, хлеў, абараняючыся гэтым ад злых сіл.
Абрад калядавання
У вёсках на Каляды хадзілі ад аднаго двара да другога калядоўшчыкі і спявалі песні — калядкі і шчадроўкі. Звычайна збіраўся гурт моладзі, дзе былі і музыкі, і спевакі, і механоша. У першую чаргу яны славілі гаспадара і яго сям'ю, спявалі ім такія песні, дзе гучалі найлепшыя пажаданні. I хата, і гаспадарка селяніна ў гэтых песнях выглядаюць як цудоўныя палацы, поўныя ўсялякага дабра: у хлявах — статкі жывёлы, на стайні — вараныя коні і г. д.
Гаспадары шчодра ўзнагароджвалі калядоўшчыкаў пірагамі, каўбасамі, сырам, а механоша складаў усё гэта ў мех. Потым калядоўшчыкі ўсе разам частаваліся. Часта калядоўшчыкі вадзілі «казу», якая камічна скакала пад іх спевы. «Казой» апраналі каго-небудзь з калядоўшчыкаў: выварочвалі кажух навыварат, прымацоўвалі зробленую з паперы ці з драўляных пласцін казіную галаву. Гэты абрад ідзе з даўніх часоў. Некалі «каза» мела ў калядным абрадзе магічную ролю, сімвалізавала дабрабыт, пладавітасць хатняй жывёлы.
Падобна «казе» былі і ваджэнні «мядзведзя». Мядзведзь быў сімвалам сілы і здароўя. Разыгрываліся камічыыя сцэнкі, спяваліся калядныя песні, а прадстаўленне заканчвалася зборам грошай ці прадуктаў у карысць калядоўшчыкаў.
У песнях калядоўшчыкі праслаўлялі здольнасці і якасці тых, каму яны прысвячаліся, да каго яны завіталі:
Добры вечар таму,
Хто ў гэтым даму.
А ў гэтым даму
Слаўны гаспадар.
Каля печы ружа,
Гаспадынька гожа,
Дзеўкі-маладзіцы
У новай святліцы.
Вельмі распаўсюджанай была сцэнка з паміраннем казы і яе ажыўленнем, у час якой спяваліся жартоўныя заклінанні:
Дай, гаспадынька, сала,
Каб наша каза устала.
Дзе каза ходзіць,
Там жыта родзіць.
Дзе каза хвастом,
Там жыта кустом,
Дзе каза рогам,
Там жыта стогам.
Дзе каза нагой,
Там жыта капой.
Дзе каза бывае,
Там шчасце вітае.
Каза, рассыпаючы жыта, жадала гаспадарам дабрабыту і здороўя:
К а з а:
Святкуем калядкі —
Лавіце зярняткі!
Лавіце рукой,
Каб добры быў настрой!
Каб моцна грэла сонца —
Кіну ў аконца.
Майце ўсяго даволі,
А бяды ніколі.
Нікога не хвалюйце,
Усім цяпло даруйце!