Кансультацыя
“Выхаваўчае значэнне твораў «матчынай школы» - калыханак і забаўлянак”
Ад першага крыку немаўляці і да з'яўлення яго дзівосных «энікаў-бэнікаў», «анцаў-цванцаў» дзіця развіваецца і выхоўваецца калыханкамі, забаўлянкамі, пацешкамі-гульнямі і шматлікімі іншымі паэтычнымі творамі, што нараджаюцца мацярынскай любоўю і замілаванасцю да свайго пестунка. Менавіта з гэтых, на першы погляд, просценькіх «баю-баю», «ладачкі-ладкі», «сарока-варона» і пачынаецца выхаванне будучых сапраўдных дачок і сыноў сваёй Бацькаўшчыны.
Першымі ў гэтым шэрагу стаяць калыханкі — песні маці над калыскай, калі жанчына, часта занятая нейкай працай, ціхенька, замілавана і лагодна, суладна з пагойдваннем люлькі, напявае свае поўныя мацярынскай пяшчоты імправізацыі. Любімы вобраз калыханкі — коцік-варкатун. Вось самыя распаўсюджаныя сюжэты: «Ходзіць каток па сяле, носіць сон у кашале», «Ходзіць каток па вароцях у чырвоненькіх чабоццях», «А ты, коця, не вурчы». Сярод іншых шматварыянтных калыханак пераважаюць «А-а, люлі-люлі, спаць», «Люлі-люлі, прыляцелі гулі».
Калыханкі простыя па кампазіцыі, з дакладным рытмам, сюжэт толькі прызначаны, але прысутнічае адпаведнасць, даецца канкрэтная і неабходная ўзросту малых інфармацыя. Прызначэнне калыханак — супакоіць, усыпіць дзіця. Гэта дасягаецца за кошт напеўнасці, пяшчотных гукаперайманняў. Маці хацелася, каб яе дзіця было здаровае, шчаслівае, вясёлае, і гэта вылівалася ў радкі чароўнай мелодыка-паэтычнай сілы.
Іншае, чым у калыханках, прызначэнне ў забаўлянак, пацешак: развесяліць, падтрымаць у дзіцяці радасныя эмоцыі ў час гульні.
Калі немаўля прачнецца, яму абавязкова (каб добра расло) зробяць «Пацягусенькі, пацягунюшкі», а потым — «Ласачка, ласачка, дзе была?». Далей настае чарга «Ладачкі, ладкі» — спачатку маці вучыць дзіця пляскаць у далонькі, а потым яно ўжо само пляскае, як толькі пачуе «Ладкі». Пры гэтым у дзіцяці хутка развіваецца каардынацыя рухаў, адчуванне рытму.
«Кую, кую ножку» — гульня з ножкамі дзіцяці, калі лёгенька, у рытм забаўлянкі пастукваюць малому па пятачцы. Першыя ўрокі мужнасці — казытанне двума пастаўленымі, як рожкі, пальцамі пад словы: «Ідзе каза рагатая, іздзе каза бадатая, на каго пападу, таго закалю». Пазней пачынаецца гушканне дзіцяці на назе пад разнастайныя «Гойда, гойда, гайдамаш», «Чук, чук, чук, паехалі» і інш.
Унікальная сярод забаўлянак — гульня з пальчыкамі «Сарока- варона», дзе пальчык-хлопчык не атрымлівае кашкі, таму што нічога не рабіў.
Паводле мастацкай формы забаўлянкі — гэта вершаваныя і рыфмаваныя шматрадкоўі, часта ў форме дыялогу, жартоўна гумарыстычнага, вясёлага, гарэзлівага зместу. Яны толькі часам маюць элементы мелодыі, а ў большасці выпадкаў прагаворваюцца рэчытатыўна, у рытме адпаведнага дзеяння і суправаджаюцца разнастайнымі рухамі, гульнёй з ручкамі і ножкамі, жывоцікам, галоўкай, носікам, вушкамі, вочкамі.
Калыханкі і забаўлянкі, якія дарослыя ствараюць для малых, узніклі і ўзнікаюць у непасрэднай сувязі з народнай педагогікай. Гэта першыя эстэтычныя ўрокі ў разумовым, працоўным, маральным і фізічным развіцці дзяцей.